└Ёъє° └ыхё№ - ┬ ЁЄрэ№эх б 'ЄєЄ¤щ°√ ' (═р ┴хыюЁєёёъюь ▀ч√ъх)
Алесь Аркуш
Вяртаньне ў "Тутэйшыя"
Шмат разоў прасiў былых "тутэйшаўцаў" напiсаць успамiны i ўкласьцi кнiгу.
Прасiў Бяляцкага, Сыса, iншых. Той-сёй нешта напiсаў, пераважна неiстотнае i,
часам, непраўдзiвае. Такiм чынам, зноў замест адказаў пакiдаем пытаньнi...
Пакуль канчаткова ня выпетрылiся з галавы падрабязнасьцi тых падзеяў,
паспрабую занатаваць старонкi гiсторыi, сьведкам якой быў асабiста, балазе,
маю вялiкi архiў - лiсты, дзёньнiкавыя запiсы, тагачасныя газэтныя публiкацыi.
Спадзяюся, некалi ўспамiны "тутэйшаўцаў" нехта руплiва зьбярэ ў кнiгу.
Адразу папярэджу, што ў "Тутэйшых" быў шараговым сябрам, у нiякiя
кiраўнiчыя ворганы не ўваходзiў, i таму ня ведаю "вышэйшых сакрэтаў".
Прынамсi, доўгi час я лiчыў, што "Тутэйшыя" паўсталi выключна з iнiцыятывы
Бяляцкага й Сыса, сяброў па гомельскiм "унiвэры". Але пазьней, у сярэдзiне
90-х, Генадзь Сагановiч паведамiў мне, што Б. i С. былi ўсяго толькi
выканаўцамi, а iдэя стварэньня суполкi належыла iншаму чалавеку, якi насамрэч
кiраваў ёю. Гэтае прызнаньне падобнае да праўды, я асабiста веру ў тое. Аднак
дакладна сьцьвярджаць ня маю права, бо, паўтаруся, ня быў далучаным да
таямнiцы.
I яшчэ адна заўвага. Я асабiста лiчу, што "Тутэйшыя" iснавалi датуль,
пакуль у дзейнасьцi лiтсуполкi прысутнiчала рызыка, таямнiчасьць i
кансьпiрацыя. Калi аб'яднаньне "Тутэйшыя" вырашыла легалiзавацца й
ператварылася ў Таварыства маладых лiтаратараў пры СП БССР, суполка сканала.
Каб патрапiць у "Тутэйшыя", патрэбна была рэкамэндацыя. Мне такую
рэкамэндацыю даў Анатоль Сыс. З Анатолем я пазнаёмiўся ў лiпенi 1986 году ў
рэдакцыi часопiса "Маладосьць", куды пэрыядычна заходзiў па навiны да Яўгенii
Янiшчыц. Да маiх першых вершаваных спробаў вядомая паэтка паставiлася
прыхiльна й, пасьля азнаямленьня з рукапiсам, сказала: "Будем ставiць". Аднак
папрасiла прынесьцi яшчэ адну нiзку вершаў, каб выбраць лепшае. Прыхiльнасьць
вядомае паэткi не азначала, што ставiць будуць заўтра, цi ў гэтым месяцы, цi ў
гэтым годзе. Упершыню Янiшчыц адабрала мае вершы для друку ў верасьнi 1985
году. А мой дэбют у "Маладосьцi" адбыўся ажно ў чэрвенi 1987-га. Я чуў з
аповедаў дасьведчаных людзей, што чакаць даводзiцца доўга. Але каб столькi!..
Час чаканьня цягнуўся марудна й пакутлiва, а вершы ў часопiсе ўсё не
зьяўлялiся. Некалькi разоў я заходзiў да Янiшчыц, каб пацiкавiцца: калi ўжо,
нарэшце? Яна прыязна пасьмiхалася й запэўнiвала, што ўсё нармальна, але трэба
пачакаць яшчэ, маўляў, чарга. У адзiн з такiх вiзытаў я й пазнаёмiўся з Сысам.
Летам 86-га легендарнаму паэту "новай хвалi" мяне прадставiў Вiктар Шнiп,
якога я ведаў па лiтаб'яднаньнi "Крынiцы", што пад апекай Раiсы Баравiковай
працавала пры газэце "Чырвоная зьмена". Дарэчы, на "Крынiцах", яшчэ напачатку
85-га, я пазнаёмiўся i з Адамам Глёбусам, i з Славамiрам Адамовiчам, i зь
Людкай Сiльновай. Культавае Глёбусаўскае апавяданьне "Слон" я ўпершыню пачуў у
аўтарскiм чытаньнi ў рэдакцыйным пакоi "ЧЗ", i друкавалася яно ўпершыню ў
гэтай камсамольскай газэце. Больш нiдзе б не надрукавалi. Баравiкова любiла
Валодзю Адамчыка. Але я ня памятаю, каб у "Чырвоную зьмену" заходзiў Сыс.
Першая мая размова з Анатолем доўжылася больш двух гадзiнаў. Ён апавядаў пра
"Талаку", з паэтаў вызначаў Галубовiча й Бембеля (апошняга лiчыў сваiм
настаўнiкам). Вельмi раўнiва ставiўся да Глёбуса. Нядаўнi выпускнiк "фiлфаку"
гомельскага "ўнiвэру" на той час меў усяго некалькi публiкацыяў у цэнтральным
друку, аднак быў прыкметна сьпешчаны славай i ўвагай. Сыса